Чавусы - горад святога Марціна (урывак з кнігі Яўгена Зубовіча)

Опубликовал Знаток города, 08.01.2011

Урывак з кнігі Я.А. Зубовіча

Чавусы - горад святога МарцінаЧас - найдаражэйшае багацце. Наколькі ж заможным выглядае з гэтай пазіцыі горад, што знаходзіцца ля сутокаў двух невялікіх рэк – Басі ды Проні - Чавусы? Безумоўна, ён саступае такім сівым паселішчам, як Полацк, Віцебск ці Гародня, але і тыя 400 год, якія ўжо праіснавалі Чавусы на гэтай святой беларускай зямлі – не так і мала. Шмат пакленняў чавусаўцаў выпеставаў горад і, вядома ж, прымаў удзел у шмат якіх гістарычных падзеях. Яму выпала перажыць крывавы патоп Трынаццацігадовай вайны 1654-1667 гадоў з Маскоўскай дзяржавай. І ён вытрымаў. Апынуцца ў віры падзей пад час Паўночнай вайны. І ён захаваў сябе. Разам з усёй краінай перажыць горыч развітання з яе незалежнасцю. І ён перажыў. І хай не стаў ён важным адміністрацыйным цэнтрам, але ж развіваўся. А як? Гэта ўжо вызначаў час і акалічнасці, з якімі мы з вамі і пазнаёмімся ў аповядзе.

Трэба адзначыць, што больш грунтоўна з падзеямі што адбываліся ў горадзе ад яго заснавання і да 1917 года можна пазнаеміцца ў кнізе Я. А. Зубовіча "Чавусы – горад Святога Марціна". Кніга "Чавусы – горад святога Марціна" - гэта гістарычны нарыс аб мінуўшчыне невялічкага раеннага цэнтра, што знаходзіцца ва ўсходняй Беларусі. У кнізе ж чытач можа атрымаць нашмат большае ўяўленне аб тым чым жыў горад да рэвалюцыйных падзей аб яго сацыяльным, культурным, рэлігійным жыцці, медыцыне, адукацыі, архітэктуры і горадабудаўніцтве, дэмаграфічным складзе і моўным падзеле. Чытач зможа знайсці звесткі аб такіх іменах як Арыэль Шарон, Кірк Дуглас і іншых, хто мае дачыненне да Чавусчыны. Кніга змяшчае шмат дакументаў, табліц, а таксама вершаваныя паданні аб горадзе, а ніжэй прыводзіцца кароткі агляд з кнігі тых падзей, што адбываліся ў горадзе ў кантэксце палітычнай гісторыі ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

Чавусы ў палітычнай гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай

ХVІ стагоддзе — залаты час беларускай культуры. Шкада, але падобныя культурныя ўзвышэнні рэдка супадаюць з палітычнай магутнасцю дзяржавы, і з’яўляюцца папярэджаннем аб хуткай страце сілы. Раней зробленая рукамі нашых вялікіх продкаў, слаўных сыноў сваёй Айчыны Рагвалодам, Усяславам, Альгердам, Вітаўтам Вялікім і іншымі вялізная дзяржава, што сягала ад Балтыйскага і да Чорнага мора, ў гэты час пачала хутка страчваць сваё ўплывовае становішча. Пастаянныя войны з Масквою кепска ўплывалі на знясіленае княства. Гэта раней Беларусі прысягалі ў васальнай залежнасці Ноўгарад, ардынскія ханы, крымскія татары, Лівонскі ордэн; чэхі прасілі Вітаўта літасціва прыняць іх карону, каб толькі абараніў іх ад Папы. Вось дзе росквіт твой, наша вялікая Бацькаўшчына, хіба што толькі Францыя ды Англія маглі паспрачацца з табою тады! Але ўсё гэта ў мінулым, і раней ці пазней кожная вялізная дзяржава перапыняе сваё магутнае існаванне і амаль знікае, як тое здарылася з Рымам, Імперыяй Македонскага, Візантыяй, Егіптам ды іншымі.

У той перыяд на нашай зямлі панавала незвычайная для тых часоў дэмакратычнасць. І калі ўся Еўропа цягнулася да абсалютызму, на Беларусі ўсё вырашаў, хай сабе і свавольны, хай сабе і шляхецкі, але сойм. І такая дэмакратычнасць, вядома, спрыяла вольнаму светапогляду айчынных мысліўцаў. Менавіта тады наша мова дасягнула піка свайго развіцця і стала сапраўды агульнадзяржаўнай. Менавіта тады з’явіліся, па сутнасці, першыя ў Еўропе канстытуцыі — статуты ВКЛ. І менавіта тады ля сутокаў дзвюх рэчак — Басі ды Проні — пачало расці паселішча, якому наканавана было стаць горадам і адыгрываць не апошнюю ролю ў жыцці Вялікага княства Літоўскага.

На ХVI стагоддзе прыпадае першы напамінак аб тады яшчэ вёсцы Чавусовічы. Увогуле, Чавусовічы ў той час, а гэта 1560 год, належалі абшарніку ротмістру Васілю Маркавічу Няміры, слаўнаму нашчадку рода Няміраў, ці Няміровічаў, што з’яўляліся вернымі служкамі вялікіх князёў і сваёй Айчыны. Андрэй Няміра атрымаў гэтую мянушку ад Вітаўта за тое, што аднойчы падчас перамоў гучна мовіў неаднаразова: «Не мири, Витовте, не мири!» Вёска была падаравана Васілю Вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам.

І хутка пасля напаміну пра вёску ў студзені 1569 года ў Любліне адбылася надзвычай важная падзея для ўсёй нашай краіны — сабраўся супольны сойм Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, каб разгледзець пытанне уніі. А 1 ліпеня 1569 года быў абвешчаны акт стварэння Рэчы Паспалітай Двух Народаў — федэрацыі Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, якая мела аднаго караля і адну знешнюю палітыку, але два войскі, два скарбы (фінансавыя сістэмы), два зборнікі законаў. Пасля гэтай падзеі жыхары вёскі Чавусовічы сталі жыць ужо ў крыху іншай дзяржаве. Кажучы аб тым, якая гэта была дзяржава, можна сказаць, што федэратыўная, таму падзея задзіночання не стала інкарпарацыяй Польшчай Вялікага княства, а гэта была, прынамсі, двухбаковая роўная унія. Яна пакінула двум краінам розныя заканадаўствы, грошы, войскі, мовы, пасады і інш.

Ішоў час, і, пэўна, вёска развівалася дастаткова шпаркімі тэмпамі. Ужо літаральна праз 20 гадоў пасля першага прыгадвання, Вялікім князем Стэфанам Баторыем, (што пасля нядоўгага княжання французкага прынца Генрыха Валуа цягам доўгіх дыскусій быў абраны і зацверджаны соймам на Вялікакняскі сталец), была выдана грамата мясцовай царкве ў 1581 г. 3 сакавіка. Яна да пэўнага часу, а літаральна да другой сусветнай вайны, захоўвалася ў іншай, Рыгораўскай царкве. Для ўсёй краіны гэта быў цяжкі час барацьбы з Маскоўскай дзяржавай. Але непасрэдна Чавусы знаходзіліся тады па-за тэатрам вайсковых дзеяў аж да часу князявання Жыгімонта Вазы, што ўсталяваў сваю дынастыю у 1587 годзе пасля смерці памянёнага Баторыя, з’яўляючыся адначасова і каралём Польшчы і Швецыі.

…Жыгімонт ІІІ Ваза — сын Шведскага караля Яна ІІІ Вазы і Кацярыны з Ягайлавічаў, сястры Жыгімонта Аўгуста. «Кароль Стэфан быў добры для жаўнераў, а гэты будзе добры для ксяндзоў», — сказаў свайму атачэнню папскі нунцый, даведаўшыся аб выніках выбараў. І ён ведаў, што гаварыў! Рэч у тым, што менавіта пры ім эпоха Контррэфармацыі на Беларусі набыла значны імпульс. Яна характарызавалася ўціскам пратэстанцтва, якое так актыўна паўстагоддзя таму пачаў распаўсюджваць Мікалай Радзівіл Чорны. Перавага тут аддавалася, канешне ж, каталіцтву. Але менавіта гэты Вялікі князь адыграў станоўчую ролю ў жыцці і ўмацаванні нашага горада…

Жыгімонт напачатку не зусім быў дасведчаны ў справах княства, праводзячы большасць часу ў Варшаве. Але менавіта з яго літасцівай ласкі вёска Чавусовічы ператварылася ў горад ў 1604 годзе. Сам па сабе гэты статус напачатку ніякіх асаблівых сходнасцяў не прынес, але з часам горад пачаў развівацца больш шпаркімі тэмпамі, нават нягледзячы на амаль што бесперапынныя войны з Маскоўскай дзяржавай, бо Чавусы былі ледзь не памежным горадам.

Цяжка сказаць, што канкрэтна паўплывала на такое даволі хуткае ператварэнне невялікай вёсачкі Чавусовічы ў горад. Адно трэба адзначыць: тады быў перыяд даволі шпаркага развіцця гарадоў і ўзбуйнення вёсак, як бачым, ён быў уласцівы і для Чавус. Да гэтага трэба дадаць, што ўжо каля 30–х гадоў XVII стагоддзя мяжа нашай Бацькаўшчыны адсунулася, дзякуючы вяртанню Смаленскіх земляў. Горад апынуўся па-за стратэгічнай лініяй абароны, што, безумоўна, у больш спакойных абставінах дало магчымасць сканцэнтравацца на цывільным жыцці, а хваля ўсеагульнага атрымання магдэбургскага права на Беларусі не абышла і паселішча між Басяй і Проняй.

Да надання магдэбургіі, напачатку, усе юрыдычныя аспекты гарадскога жыцця вырашалі ці абшарнікі, ці, потым, вялікакняская адміністрацыя. Кіраваліся пры гэтым усеагульнадзяржаўным зводам законаў — Статутам ВКЛ.

Герб Чавус - выява Святога Марціна на канеАле ў 1634 годзе горад атрымаў магдэбургскае права і герб — выяву святога Mapцінa, узброенага мячом, на кані, які і сёння з’яўляецца нябесным заступнікам Чавусаў.

У гербе горада быў коннік, трымаючы меч, — тая старабеларуская выява, што напамінае згаданае заснаванне горада свабоднымі ваяўнікамі. Яшчэ адна версія аб назве і заснаванні горада была пасля — выява св. Марціна, біскапа турскага, які ў маладосці быў рымскім жаўнерам, і так прадстаўляецца ў іканаграфіі.

Адбылося гэта (наданне магдэбургіі) у час панавання сына Жыгімонта — Уладзіслава Вазы. Менавіта гэта падзея дала штуршок далейшаму развіццю і станаўленню горада. І, такім чынам, замест адміністрацыі Вялікага князя горад атрымаў свае выбарчыя органы.

На чале горада стаяў войт. Ён меў шырокія паўнамоцтвы. Па сутнасці, гэта пасада адпавядала сённяшнему начальніку райвыканкама. Агульнае кіраванне ажыццяўляла рада, адпаведнік сённяшняй рады горада. Яна абіралася гараджанамі і зацверджвалася войтам.

Трэба адзначыць, як было сказана вышэй, для фарміравання розных органаў кіравання і судовай улады, ў Чавусах праходзілі штогадовыя выбары з сарака кандыдатаў пры ўдзеле ўсяго народа. Абраннікаў потым на пасаду зацверджваў войт.

Для функцыянавання органаў улады на рынкавай плошчы была збудавана ратуша, там і праводзіў паседжанні магістрат.

Увогуле зацікаўленасць манаршай улады ў наданні гарадам магдэбургскага права выклікана такімі меркаваннямі, як, напрыклад, прыцягненне новых жыхароў, арганізацыя абароны і г.д. Немалаважным, асабліва ў дачыненні да стольнай Вільні, быў і элемент прэстыжу…

Таму, падсумоўваючы, можна дадаць, што горад за дастаткова невялікі перыяд змог узвысіцца, атрымаўшы шматлікія прывілеі, хаця і па насельніцтву, і па аб’ектах стратэгічнай абароны і ўзроўню агульнага развіцця, канешне ж, не адпавядаў гэткаму статусу.

Пасля такой радаснай падзеі хутка надарылася і зусім сумная — вайна ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1654—1667 гадоў, якая прынесла шмат бедства і разбурэнняў нашаму народу і гораду, стала самай жорсткай і кровапралітнай у гісторыі нашага народа. Але разам з тым яна зрабіла Чавусы і гістарычнай сталіцай беларускага казацтва, калі Кастусь Паклонскі набраў тут першы на Беларусі казацкі полк у 1654 годзе.

Значных змен юрыдычны лад не пацярпеў на працягу астатніх год, а толькі быў яшчэ раз пацверджаны найноўшым прывілеем.

Пасля вайны былі гады ўзнаўлення і мірнага жыцця, аж да пачатку ХVІІІ стагоддзя, калі пачалася вядомая Паўночная вайна. Чавусы ўзгадваюцца тут у сувязі з бітвай пад вёскай Лясной, калі шведскія і рускія войскі спыняліся ў горадзе. Бітва гэта потым паслужыла падставай для надання гораду новага герба.

Але і пасля гэтай вайны, не вельмі цяжкой і разбуральнай для Чавус, горад працягваў расці.

Была тады мода даваць пацвярджальныя прывілеі на магдэбургію.

Не прайшло гэта і паўз Чавусы. Аугуст ІІІ выдаў такі прывілей, які быў заактаваны на мясцовым сойме 10 снежня 1762 года. У магілёўскія магістрацкія кнігі ён быў унесены аж у 1767 годзе. Ён уяўляў сабой слова ў слова перапісаны прывілей Уладзіслава Вазы. Дзе Аўгуст казаў, што зроблена тое было па просьбе тагачаснага чавускага бурмістра Ігнацыя Вінчы і іншых райцаў.

Па чарзе змяняліся Вялікія князі, але маштабных гістарычных падзей, што закраналі б наш горад, тады не здаралася да 1772 года.

…Князяваў у той час (з 1767 г.) ужо беларус — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, пры якім адбылася адна з самых чорных падзей ў гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай — страта незалежнасці.

…На той час Рэч Паспалітая, некалі моцная і ўплывовая дзяржава ўсё больш паглыблялася ў анархію і прадажнасць. Войска, пакінутае ў спадчыну Рэчы Паспалітай напярэдадні першага яе падзелу, ўяўляла сабой вартае жалю відовішча. Кавалерыя, магутная і славутая ва ўсёй Еўропе ў XVII стагоддзі, ператварылася ў першай палове XVIII стагоддзя ў недысцыплінаваныя ды слаба абучаныя аддзелы коннай шляхты, якія толькі назвамі і на паперы ўяўлялі сабой грозныя рыгіменты ды харугвы часоў Януша Радзівіла і Яна Сабескага [13, 3]. І не думалі, не меркавалі жыхары, што ўжо літаральна праз два гады апынуцца пад уладаю Расійскай імперыі. А адбылося гэта 5 жніўня 1772 года, калі Прусія, Аўстрыя ды Расія падпісалі акт аб першым падзеле федэрацыі, пасля шматлікіх рокашаў шляхты. Усходнія часткі Беларусі былі такім чынам занятыя расійскімі войскамі…

Чавусы тады сталі ўжо горадам іншай дзяржавы — Расійскай імперыі.

Што ж даў Чавусам перыяд большы за два стагоддзі — ад заснавання і да першага падзелу Рэчы Паспалітай? Гэта перыяд, калі вёска Чавусовічы ператварылася ў горад, які ў далейшым атрымаў магдэбургію. Гэта сталіца ўсходняга Падняпроўя падчас вайны 1654—1667 гг. Гэта радзіма казацкага руху на Беларусі. Але гэта і даволі бедны па тых часах горад, каменных пабудоў у якім было толькі дзве — Старая ратуша і Кармеліцкі кляштар.

Чавусы ў палітычнай гісторыі Беларусі ў складзе Расійскай імперыі

Першае змяненне, якое адбылося з далучэннем Чавус да Расійскай імперыі, гэта змена шыльды павятовага горада на ўезны Магілёўскай губерні ў 1777 годзе. Па сутнасці нічога не змянілася для нашага горада, статус «уезны» адпавядаў ранейшаму «павятоваму». Адно, што з магістратам дзейнічала дума, а таксама адкрытай была дваранская апека. І калі дума займалася ў асноўным пытаннямі кіравання горадам, дык функцыі дваранскай апекі засяроджваліся на праблемах, што тычыліся маёнткаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі ўезда.

Адбыліся змены і ў судовай справе: крымінальныя справы вырашаліся на аснове расійскіх законаў, а грамадзянскія — у адпаведнасці з нормамі ІІІ Статута ВКЛ. Членаў судоў абірала шляхта, якая мела не менш чым 10 прыгонных мужчынскага полу. Незаможная шляхта да выбараў не дапускалася. Значная частка раней вольных людзей была далучана да прыгонных сялян. Але большасць пытанняў, што прыходзілася тады вырашаць чавускаму суду — пытанні па зямельнай уласнасці.

Амаль адразу ж пасля далучэння ў жыцці нашага горада адбылася яшчэ адна рэформа. Рэч у тым, што гербы гарадоў, што былі дадзены пры магдэбургскім праве не задавальнялі рускія ўлады, бо кожны напамін аб свабодзе і вольным самакіраванні быў непрымальны для адміністрацыі Расійскай імперыі. Таму Чавусам разам з астатнімі гарадамі ў 1781 годзе быў дадзены новы герб. На скрыжаваных мячах на чырвоным шчыце лаўровы вянок. Падобная камбінацыя была невыпадковай і сімвалізавала перамогу рускіх войскаў пад Лясной над войскамі шведскага краля Карла ХІІ.

На Беларусь распаўсюджвалася «Грамата на правы і выгады гарадам Расійскай імперыі» ад 21 красавіка 1785 года. Паводле гэтай граматы ўсе гараджане дзяліліся на 6 разрадаў і ў залежнасці ад таго, якой маёмасцю валодалі, дапускаліся да выбараў дэпутатаў (гласных) у гарадскую думу. Аднак вырашэнне ўсіх важных пытанняў гарадскога жыцця цалкам залежыла ад губернатараў і прызначаных імі чыноўнікаў — гараднічых. Такая сітуацыя была характэрна і для Чавус, дзе таксама быў прызначаны гараднічы.

…А што ж рабілася на той час у краіне, ад якой не так даўно адарвалі наш горад? Прыйшоў 1791 год. Гэта вельмі знамянальная падзея ў гісторыі нашай краіны і нашага народа. На Чатырохгадовым сойме 3 мая была прынята першая ў Еўропе і другая ў свеце (пасля ЗША) Канстытуцыя. З гэтага часу, каб умацаваць рэшткі яшчэ існуючай федэрацыі, яна абвяшчала унітарны характар дзяржавы і адмяняла шэраг прынцыповых момантаў шляхецкіх вольнасцяў (як ліберум вета, выбарнасць Вялікага князя і інш.).

На той час Канстытуцыю прынята было называць «заручынамі абодвух народаў». Заручыны былі аднагалосна прынятыя соймам. Іх пастановы тычыліся раўнапраў’я прадстаўнікоў Вялікага княства ў цэнтральных органах і захавання пэўных інстытуцыйных адметнасцяў.

Перад названымі пастановамі ішла прэамбула, якая падкрэслівала дуалістычны характар дзяржавы.

Але нават такі яе варыянт не задаволіў пэўныя ўладныя колы Рэчы Паспалітай. Яны ўтварылі на Украіне Таргавіцкую канфедэрацыю і папрасілі дапамогі ў Расіі, якая, вядома, не адмовіла. Так адбыўся другі падзел нашай Бацькаўшчыны, ў якім паўдзельнічалі тыя ж суседзі — Прусія ды Аўстрыя ў 1793 годзе.

Хутка, аднак, на хвалі патрыятычных пачуццяў на тэрыторыі былой федэрацыі, што яшчэ заставалася вольнай, выбухнула паўстанне. Яго ўзначаліў вялікі сын беларускага народа Тадэвуш Касцюшка. Пачаўшыся ў 1794 годзе паўстанне хутка ахапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі. Але ўжо напрыканцы года было жорстка потоплена ў крыві нашых суайчыннікаў вядомым расійскім ваяводам Аляксандрам Суворавым, за што апошні, дарэчы, атрымаў ва ўласнасць ад Расійскай імперыі горад Кобрын. Паўстанне пацярпела паражэнне, а Чавусы нажаль не адыгрывалі якой небудзь значнай ролі на яго працягу.

Апошнія надзеі зніклі ў 1795 годзе — адбыўся канчатковы падзел некалі магутнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Частку зямель якой атрымалі Расія, Прусія і Аўстрыя.

І хутка, пасля канчатковай ліквідацыі Рэчы Паспалітай у 1796 годзе з земляў Магілёўшчыны і Полаччыны была ўтворана гэтак званая Беларуская губерня, у склад якой і ўвайшлі Чавусы. Вось так скочылася ХVIII стагоддзе…

…XIX стагоддзе Чавусы пачалі, як і ўся тэрыторыя былой Рэчы Паспалітай даволі невясёла, таму, мабыць, у першую дзесяцігодку сустракаюцца ў асноўным толькі эканамічныя паказчыкі, — ні войнаў табе, ні подзвігаў у бітвах, ні значных культурных падзей. Хаця, на пачатку XIX стагоддзя Чавусы, як, зрэшты, і шмат іншых гарадоў, працягваюць умацоўвацца.

У 1802 годзе адбылася падзея, якая па сутнасці сама па сабе нічога для нашага горада не значыла. У выніку найноўшай адміністрацыйнай рэформы, Чавусы адышлі да Магілёўскай губерні.

Дарэчы тут трэба пералічыць тыя ўезды ды гарады, што ўваходзілі ў склад губерні у гэты перыяд. Губерня складалася з 11 уездаў, 12 гарадоў. Гарады: Магілёў, Чавусы, Чэрыкаў, Мсціслаў, Клімавічы, Копысь, Ворша, Сянно, Быхаў, Рагачоў, Беліца, Бабінавічы. Уезнымі былі ўсе гарады, акрамя Бабінавічаў.

Наступныя гады прайшлі ў шматлікіх рэформах, што праводзілі рускія ўлады, сярод іх рэформа адміністрацыйная, перапланіроўка гарадоў і інш. Перашкодзіла гэтым падзеям хіба толькі вайна 1812 года, якая закранула і Чавусы.

…А між тым надышоў час шляхецкага паўстання на Беларусі ды Польшчы 1830 года. Яно не было такім масавым, як будучае паўстанне Кастуся Каліноўскага, але добра паказала імперскім уладам, што народ на змірыўся са скораным становішчам. І хоць паўстанне не перамагло, яно ўсё ж выклікала занепакоенасць расійскай адміністрацыі. Паўстанне ўзняла шляхта, бо жадала аднавіць Рэч Паспалітую ў былых межах. Не ў малой ступені такія настроі спарадзіліся, дзякуючы паўстанню дзекабрыстаў на Cенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу, калі змоўшчыкі выступілі супраць самаўладдзя і пад час каранацыі Мікалая І хацелі звергнуць цара. Пасля гэтага паўстання ў хуткім часе на тэрыторыі Беларусі паэтапна будзе забаронена выкарыстанне Статута 1588 года — спачатку ў 1832 годзе ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а потым і на астатняй тэрыторыі. А пакуль што адміністрацыя абмежавалася паступовым выцісканнем польскай мовы з ужытку. Хоць гэта для нашай Айчыны было фактам станоўчым, але ўсё ж на змену гэтак жа роўна прыходзіла мова руская, што на, маю думку, для беларусаў таго часу было таксама не лепшым варыянтам. Яшчэ адным практычным і негатыўным вынікам задушэння гэтага паўстання стала скасаванне каталіцкіх парафій па ўсёй Беларусі. У Чавусах ў 1832 годзе быў скасаваны Кармеліцкі кляштар, бо, як гаварылася ў загадзе, манахі вельмі актыўна падтрымлівалі падзеі паўстання 1830 года і праводзілі шэсці з гэтай нагоды.

Пасля гэтага канчаткова на землях Чавусчыны замацоўвалася праваслаўе.

І калі пра выканаўчыя органы таго перыяда мы ўжо прыгадвалі (дума, магістрат), прыгадвалі і пра судовую практыку, то вось пра непасрэднае практычнае дапасаванне судовых варункаў і выкананне прыгавораў яшчэ не казалі. Асноўнае ж месца іх выканання — чавускі астрог. Увогуле, з’яўленне гэтага астрогу можна аднесці да пачатку ХІХ стагоддзя. Ежу сабе арыштанты гатавалі самі за кармавыя грошы, што ім выдаваліся. Вязняў тут змяшчалі па родзе злачынства.

Пасля скасавання правадзейнасці Статута ВКЛ, на беларускай тэрыторыі пачаў паступова ўжывацца юрыдычны уклад Расійскай імперыі, з характэрнымі для яго нормамі і законамі, які, дарэчы, і сам рэфармаваўся.

Усе гэта распаўсюджвалася на тэрыторыю Беларусі, і ў прыватнасці на горад Чавусы.

У 60—70-я гады ўрадам Аляксандра ІІ у Расіі былі праведзены ваенная, земская, судовая, школьная, цэнзурная, гарадская і іншыя рэформы, якія ў пэўнай меры садзейнічалі размыванню саслоўнай структуры грамадства і перабудове яго на буржуазны лад. Аднак яны не пахіснулі абсалютную ўладу расійскіх манархаў.

Судовая рэформа пачалася ў Расіі ў 1864 годзе. У выніку саслоўныя суды, якія з’явіліся пры Кацярыне ІІ, былі заменены агульнымі для ўсіх саслоўяў судовымі ўстановамі. Абвяшчалась адкрытасць і незалежнасць суда ад урада. У паветах уводзіліся міравыя, у губернях акруговыя суды. Крымінальныя справы ў акруговых судах разглядаліся з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці — прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне: вінаваты падсудны ці не. Старшыня і два члены суда, улічваючы іх рашэнне, вызначалі меру пакарання або вызвалялі падсуднага. Падсудным аказвалі дапамогу адвакаты, якія не залежалі ад урада.

У Беларусі судовая рэформа пачалася ў 1872 годзе з увядзеннем міравых судоў. Міравыя суддзі, у адрозненні ад Расіі, тут не выбіраліся (з прычыны адсутнасці земстваў — органаў для кіравання мясцовай гаспадаркай і адукацыяй, аховай здароўя і інш.), а назначаліся міністрам юстыцыі і цалкам залежалі ад яго. Акруговыя суды былі ўведзены ў Беларусі толькі ў 1883 годзе. Пры гэтым улады пакінулі за сабой права фарміраваць склад прысяжных засядацеляў.

Гарадская рэформа ў Беларусі пачалася ў 1875 годзе. Яна прадугледжвала выбранне органаў самакіравання ў градах на аснове маёмаснага цэнзу. Выбарчым правам надзяляліся ўсе плацельшчыкі гарадскіх падаткаў: уласнікі зямлі, дамоў, прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў.

Рэформы ішлі, але пасля забойства Аляксандра ІІ, расійскага імператара, пры якім і прводзіліся гэтыя рэформы, у Расійскай імперыі пачаўся час рэакцыі і ўціску, што прывяло да згортвання рэфарматарскай дзейнасці. Гэта паступова вяло да ўсё большай сацыяльнай напружанасці ў грамадстве.

Адна з такіх рэформ, а гэта рэформа па адмене прыгоннага права 1861 года, прывяла да сацыяльнай напружанасці, якая перарасла ў вызваленчую барацьбу. Такім чынам, ў 1863 годзе на Беларусі і Польшчы пачалося паўстанне. Адзначым, што, безумоўна, набыць зямлю, як вынікала з дакументаў рэформы, што прадавалася вышэй яе рынкавага кошту, было селяніну не па кішэні, а ўлічваючы яе не самую высокую якасць (бо лепшая заставалася за памешчыкам), можна падсумаваць наступнае: усё гэта выклікала абурэнне сялян і вылілася нарэшце ў паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Паколькі адмена прыгоннага права апрабіравалася спярша на беларускіх землях, як самых высокаразвітых на той час, то не выпадкова, што і памылкі такой апрабацыі прыйшліся на наш народ. А каму ж хочацца быць паддоследным трусом?! Вось і паўстанне перарасло з простых сялянскіх хваляванняў у паўнавартасную нацыянальна-вызваленчую барацьбу. Яна захлынула ўсю тэрыторыю нашай Бацькаўшчыны, але была задушана расійскім урадам, а нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі — павешаны ў Вільні...

Чавусы пад час паўстання ўваходзілі ў зону, што кантралявалі атрады паплечніка Кастуся Каліноўскага — Людвіка Звяждоўскага (мянушка Тапор), частка жыхароў Чавушчыны тады далучылася да іх. У Чавусах той пары разглядаліся справы з нагоды ўдзелу ў паўстанні жыхароў Чавусчыны, таму мы можам меркаваць, што памкненні большай часткі нашага народа былі падхоплены і жыхарамі горада. Але разам з тым асобныя людзі супрацоўнічалі з паліцыяй. Многія тады апынуліся ў турмах, за што чавускі маліцтмайстр, як і яго асобныя калегі з іншых гарадоў Магілёўшчыны, атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды Расійскай імперыі.

Канец ХІХ стагоддзя прайшоў дастаткова ціха, і ў горадзе не было адзначана якіх-небудзь значных падзей, што маглі б быць звязаны з агульным палітычным кірункам развіцця Беларусі таго часу. Нават расійская буржуазная рэвалюцыя 1905 года прынесла толькі асобныя страйкі на чавускіх прадпрыемствах. Так, напрыклад, страйкавалі партныя з эканамічнымі патрабаваннямі. Страйкі працягваліся да 1 мая, калі працаўнікі ўсяго горада адзначылі ўсеагульным страйкам гэты дзень.

Гэта час так званай першай Расійскай рэвалюцыі, калі па ўсёй імперыі пракацілася хваля выступаў супраць царызму ды за дэмакратычныя пераўтварэнні. 11 снежня 1905 года быў выдадзены закон аб выбарах у заканадаўчую Дзяржаўную думу. Паводле закона ўсе выбаршчыкі падзяляліся на чатыры курыі (катэгорыі): землеўласнікаў, гараджан, сялян і рабочых. Пры гэтым адзін голас селяпамешчыка прыраўноўваліся да 3,5 голаса гараджан, 15 галасоў сялян і 45 галасоў рабочых.

Жыхары горада вымушаны былі ўзгадаць выбарныя традыцыі, але на гэты раз працэс галасавання адбываўся не на галоўнай плошчы ўсім народам, а толькі тымі, хто прайшоў маёмасны цэнз. Гэта правіла дзейнічала яшчэ з другой паловы ХІХ стагоддзя, ўведзенае чарговай рэформай расійскай адміністрацыі.

Але вернемся да хваляваняў ды страйкаў. Вядома, што яны захапілі і Беларусь, і ў пэўнай ступені былі падбухтораныя левымі партыямі: эсэрамі, меншавікамі і тады яшчэ нязначнай партыяй бальшавікоў…

На Беларусі таксама пачалі чынна ўзнікаць рознага кшалту палітычныя партыі, але маленькі горад вір палітычных падзей абышоў бокам. Адзінае, што можна зазначыць аб настроях і палітычнай арыентацыі гараджан, дык гэта левыя кірункі, ў асноўным эсэраўскага тропу.

Так хутка прыйшла вайна 1914 года — першая сусветная. І хоць Чавусы апынуліся па-за тэатрам вайсковых дзеяў 1914 года, аднак не пазбеглі тых нязручнасцяў, што несла ў сабе першая сусветная вайна для ўсёй нашай Бацькаўшчыны. Тады ў Магілёўскай губерні было абвешчана вайсковае становішча, забараняліся сходы.

Такім чынам, адразу пасля пачатку вайны ў наш горад памкнуўся паток бежанцаў з заходніх раёнаў Беларусі.

На тэрыторыі гаспадарчага двара Васкрасенскага сабора ўзнік вялікі лазарэт жаўнераў, што ўдзельнічалі ў першай сусветнай вайне. У сувязі з гэтым нават частку гаспадарчых пабудоў Васкрасенскага сабора перадалі ў кіраванне вайсковаму ведамству. Таму вялікая колькасць жаўнераў і параненых у гэты час не здзіўляла гараджан.

Калі яшчэ не скончылася вайна, 23 лютага 1917 года, адбылася Лютаўская рэвалюцыя. Расію пасля гэтага ўзначаліў Часовы ўрад, які не змог справіцца з эканамічным становішчам у краіне і не паспеў скончыць вайну. Гэта ўсё нарадзіла спрыяльную глебу для экстрэмізму, і да ўлады ў кастрычніку прыйшла партыя бальшавікоў. Для Чавусаў настаў новы этап у гісторыі — савецкі.

Кнігу можа набыць любы жадаючы, варта толькі звярнуцца да Чавускага райвыканкамма, дзе яна і рэалізуецца. Шчыра спадзяюся, што кожны, хто возмецца за вывучэнне напісанагаў кнізе, зможа знайсці шмат цікавага і карыснага, а таксама больш споўніць свае веды адносна слаўнага горада, імя якому – Чавусы.

Яўгеній Зубовіч