На Беларусі існуе вельмі шмат дзіўных і прыгожых месцаў, якія можа наведваць кожны, хто гэтага пажадае. Але адны месцы і аб’екты трапілі ў поле зрока турыстычных фірм і простых наведвальнікаў, а іншыя пакуль чакаюць сваёй пары. Адным з апошніх з’яўляецца Чавускі раён, які не заслужана забыты і яго турыстычны і экскурсійны патэнцыял належным чынам не выкарыстоўваецца.
Гісторыка–культурная спадчына Чавускага раёна надзвычай багатая і разнастайная. Вялікі патэнцыял ёсць не толькі ў экскурсійнай галіне турызму, але і ў іншых напрамках развіцця турыстычнай дзейнасці.
Прыродныя рэсурсы раёна ў асноўным адпавядаюць тым, што характэрны для большасці тэрыторыі нашай краіны. Гэта ўмераны клімат, раўнінны рэльеф, багаты жывельны і раслінны свет, разгалінаваная сеціва рэк, вадасховішчаў. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 3 невялікія возеры, 16 вадасховішчаў, самае вялікае з якіх “Рудэя” (4 месца па велічыні ў Магілёўскай вобласці), а таксама 26 рэк, самыя вялікія з якіх : Проня, Бася і Раста. Водныя і лясныя рэсурсы самыя перспектыўныя для развіцця турызму.
Да асабліва ахоўных тэрыторый адносяцца 31 замоўнік і 5 помнікаў прыроды мясцовага значэння. Самыя значныя: Чавускі гарадскі парк (1884), Помнік прыроды – пасяленне баброў, а таксама гідралагічны замоўнік “Каралеўшчына”. Найбольш перспектыўна развіваць з іх дапамогаю паломніцкі і экатурызм.
- Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей
- Рэстарацыя "Верасы"
- Старая гасцініца на 50 месцаў
- Каля кавярні "Ліга"
- Фізкультурна–аздараўляльны комплекс
- Чавускі гарадскі парк (1884 г.)
Матэрыяльныя помнікі гісторыі і культуры ў Чавускім раёне прадстаўлены : Археалагічнымі помнікамі (84), архітыктурнымі помнікамі і помнікамі фартыфікацыі (9), помнікамі прысвечанымі баявым дзеям пад час Вялікай Айчыннай вайны (115), помнікамі ахвярам фашызму (6), помнікамі і мемарыяльнымі дошкамі дзеячам культуры, палітыкі, героям Савецкага Саюза і інш (5), помнікамі рэвалюцыйнага руху (1), помнікамі воінам інтэнацыяналістам (1).
Найбольш распаўсюджаны помнікі, звязаныя з падзеямі Другой сусветнай вайны. Гэта не выпадковасць, бо на рацэ Проня на тэрыторыі раёна 9 месяцаў знаходзілася прыфрантавая паласа. На тэрыторыі раёна загінула больш як 18 тысячаў вайскоўцаў.
Таксама на тэрыторыі раёна знаходзіцца 4 музеі, у тым ліку і Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей, які налічвае 10 тысячаў экспанатаў. Плануецца адкрыць яшчэ два музеі ў раёне.
Асновай для стварэння ўмоў развіцця рэкрыацыі ёсць мясцовае вадасховішча на ўсходзе раёна “Рудэя”. На ім створана рэкрыацыйная зона мясцовага значэння, а таксама знаходзяцца санаторыі і аздараўляльныя лагеры.
Што тычыцца інфраструктуры турызма, на тэрыторыі раёна знаходзіцца 1 гасцініца на 50 месцаў (Чавусы), Кропка прыдарожнага сэрвісу, 4 кавярні (Чавусы), 1 рэстарацыя (Чавусы), 1 Фізкультурна–аздараўляльны комплекс (Чавусы), 17 спартовых залаў. Дзейнічаюць: Чавускі цэнтр турызма краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі, турбаза (Чавусы).
Трэба адзначыць, што вывучэнне турыстычнага патэнцыяла рэгіена з’яўляецца найважнейшай складаючай часткай стварэння турыстычна-экскурсійных маршрутаў. Маршруты гэтыя могуць быць як транзітныя, гэтак і ўнутраныя. Адзін з такіх унутраных маршрутаў я б і хацеў прапанаваць.
Пачнём мы яго, выязджаючы з горада Чавусы па былым паштовым тракце, дзе яшчэ часцяком праглядаецца старадаўні брук, да вёскі Благавічы. Вёска гэта ўнікальная для сённяшней Чавусчыны, бо толькі тут захаваўся адзіны каменны помнік культавага дойлідства ў раёне – Свята–Мікольскі храм. На ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудаваны ў 2-й палове 19 ст. з цэглы. Перабудаваны ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Першапачатковы інтэр’ер пры перабудове зменены. Будынак царквы — помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі позняга класіцызму і псеўдарускага стылю. Побач з храмам знаходзіцца цудадзейная крыніца. Акрамя гэтага ў вёсцы маецца невялічкае, але вельмі прыгожае вадасховішча, тут жа месціцца стары млын.
Пакідаючы Благавічы па старым тракце, выязджаем на новы - траса: Р122 Магілёў – Чэрыкаў. І першы населены пункт, што можна наведаць на ей – гэта вёска Самулкі. Ля ўезду ўзвышаецца абеліск, як помнік і даніна памяці ўсім загінуўшым воінам пад час Другой cусветнай вайны. На тэрыторыі вескі таксама знаходзяццa яшчэ две брацкія магілы савецкіх воінаў. Яшчэ крышачку па ўсё той жа трассе, і пасля Самулак мы трапляем у вёску Гарбавічы. У вёсцы гэтай акрамя помнікаў, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны, можна знайсці старажытнае гарадзішча і таксама курганныя могільнікі - вельмі цікавыя археалагічныя аб’екты. Нельга абмінуць увагай і вадасховішча Рудэя, што знаходзіцца ля гэтага населенага пункту, і дзе знаходзіцца вядомая рэкрыацыйная зона “Прыдняпроўская”. У весцы таксама дзейнічае краязнаўчы музей.
Але час павярнуць на поўдзень, да апошняга пункту нашага падарожжа – вескі Бахацец. Чаму ж мы павінны павярнуць менавіта сюды, а ўсе таму, што менавіта тут захаваўся адзіны ў раёне помнік драўлянага культавага дойлідства - Cвята Ражство Багародзічная царква. Царква была пабудавана ў 1914 годзе з дрэва на сродкі ад страхавой сумы па згарэлым былым храме. У храме захоўваўся абраз Пакрова Прысвятой Багародзіцы.
У 1930 годзе царква была зачынена і пераабсталявана пад клуб. У 1998-1999 гадах, нягледзячы на тое, што ў краіне адбыліся карэнныя змены, жыхарам вёскі Бахацец, якія прасілі аб дазволе на ўзнаўленне храма, было адмоўлена ў гэтым. Зараз драўляная Свята Ражство Багародзічная царква знаходзіцца ў дрэнным, аварыйным стане. Хаця ўнутраная планіроўка выдатнага прыклада драўлянай архітэктуры пачатку 20 ст. цалкам захавалася, і помнік з’яўляецца перспектыўным для аднаўлення.
Такім чынам, з пункту гледжання гістарычных аб’ектаў, помнікаў, мемарыяльных дошак, гістарычных асоб, помнікаў прыроды і інш, якія б маглі зацікавіць экскурсантаў, на маршруце мною зафіксавана 19 адзінак.
Аб'екты інфраструктуры па трасе прадстаўлены ў асноўным сельскімі крамамі, якія маюцца амаль у кожнай весцы. Побач з вадасховішчам “Рудэя”, маецца адкрытая пляцоўка адпачынку, з перасовачным пунктам харчавання.
Трэба ўвогуле адзначыць, што турыстычны патэнцыял у Чавускага раена безумоўна ёсць, а дакладная і руплівая яго ацэнка можа дазволіць ствараць новыя экскурсійныя маршруты, з прыцягненнем усё большай колькасці новых турыстычных аб’ектаў да больш эффектыўнага іх выкарыстання.
Яўген Зубовіч
Аўтар выказвае вялікую падзяку Федару Кашанку, без якога гэты артыкул быў бы немагчымы.