Новая кніга Яўгена Зубовіча
З’явілася новая кніга маладога беларускага пісьменніка і паэта Яўгена Зубовіча, якая называецца - "У небе сонца заходзіць самотна". Першая кніга "Чавусы - горад святога Марціна" апавядае пра гісторыю Чавус, а таксама ўтрымлівае шэраг літаратурна апрацаваных паданняў. Захапленне гісторыяй роднай зямлі і яе маляўнічай прыродай абумовіла напрамак творчасці аўтара. У гэты зборнік увайшло шмат лірычных вершаў, вершаў грамадзянскага гучання, а так сама вершаваныя апавяданні, звязаныя з гісторыяй роднай Беларусі. Шмат у зборніку прысвечана малой радзіме аўтара, яе выбітным постацям і слаўнай гісторыі: "Іван Нячай", "Беларускі полк", "Кашаваравай-Руднявай" і інш. П’есы "Кейстут і Бірута", "Вітаўтавы слезы" распавядаюць аб малавядомых шырокаму чытачу фактах праватнага жыцця ўладароў ВКЛ; "Пакровы" - камедыйны твор, які адлюстроўвае народныя звычаі, традыцыі святкавання беларускіх святаў. Паэма "Князеўна" паказвае барацьбу за незалежнасць беларускага народа, асаблівасці дзяржаўнага ладу, тагачаснае жыцце, каханне, мужнасць на прыкладзе маладога княжыча Марціна, што апынуўся ў цяжкіх і нязвыклых для сябе абставінах…
"У небе сонца заходзіць самотна" – гэта кніга, ў якой аўтар адлюстроўвае свае бачанне свету, свае успрыманне кахання, радасці жыцця, горычы пакут, болю страты, любові, і ў першаю чаргу любові да сваёй радзімы. Гэта тыя пачуцці, якія хоць бы раз у жыцці перажываў кожны з нас.
Вось некалькі вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік:
Ў небе сонца заходзіць самотна…
Ў небе сонца заходзіць самотна,
Ружавее блакітная даль.
Абдымі мяне ціха, пяшчотна,
Залячы мне мой смутак і жаль.
Твае рукі падораць мне ласку,
Твае вочы - бязмежны спакой,
Каб спазнаць незабыўную казку
Гэтай ноччу тут побач з табой.
Хай пазбавяцца думкі былога,
Бы навечна трывогі забыць.
Без цябе непатрэбна нічога,
Толькі ты даеш сілы мне жыць!
Варвары Кашаваравай–Руднявай (Верш з трыпціха прысвечанага Івану Насовічу, Варвары Кашаваравай Руднявай і Льву Маневічу)
Варвара Кашаварава-Руднява паходзіла з незаможнай сям’і чавускага настауніка, нарадзілася ў 1842 годзе. ў Чавусах. Нягледзячы на існаваўшаю ў той час негалосную забарону на атрыманне навуковай ступені, дзякуючы няспыннай працы і свайму моцнаму характару, дамаглася ступені доктара, стаушыся такім чынам першай на абсягу Расійскай імперыі жанчынай – дыпламаваным лекарам.
Вялікі дзень, шчаслівае імгненне!
Абвергла ты няпісаны закон.
Работай адказаўшы на сумненні,
Варожы і злаблівы хціўцаў тон.
Адвеку мовілі вырок жанчыне -
Расціць дзяцей, глядзець агмень і дом;
А ты ўсе ж стала першай у краіне
Рупліваю жанчынаю - ўрачом.
Усё жыцце- плён працы неабсяжнай
Дарыла ўвесь народу сваяму.
Ніколі й час бяздушна -безразважны
Яго не зможа сцерці; і таму
Вялікі моцны светлы вобраз твой
Адвечна будзе ў памяці людской!
Мова
Магутны Божа, мілы мой!
О, з мовы злітуйся маёй!
Дай не памерці края слову,
Ўзрадзі вялікай нашу мову.
Табой стагоддзямі пісалі,
Табой пачуцці абуджалі,
І ты адна вяла на бой
Ад сну ратуючы сабой.
Цябе любілі каралі,
І гаварылі "на зямлі".
Напеўнай самаю гучыш -
Чаму ў народзе ты маучыш?!
Чаму ж цябе забыў народ,
Закінуў цягам столькіх год?
Магутны Божа, мілы мой,
О, з мовы злітуйся маей!
Калі хто зацікавіўся кнігай, то яе можна набыць у Чавусах, затэлефанаваўшы на нумар 8-029- 6225889 ці 8(02242) 2-25-67. Пры набыцці мажліва атрымаць подпіс-прысвячэнне ад аўтара.
Яўгеній Зубовіч