Вандроўка 1-я. Высокае: крынічка-бяглячка
У Высокім на вуліцах бязлюдна, нас сустракае толькі бесклапотны матылёк махаон - не кожны дзень сустрэнеш такога прыгажуна. А яшчэ прыкмячаем незвычайную бярозу з цёмнай карою. Падобна на тое, што гэта рэдкі ў нашых мясцінах від - сорная бяроза. Толькі вось за дрэва лепей не зазіраць: там, у яры, раскінуўся выродлівы сметнік, які стварыў тутэйшы люд, зносячы сюды смецце з усёй вёскі.
Спускаемся да рэчкі Проні. Не даходзячы метраў 20 да ракі, схаванай за прыбярэжнымі дрэвамі, чуем шум і плёскат вады. Так і ёсць, мы выйшлі да перакату, дзе валуны, лежачы на дне ракі, не даюць вадзе спакойна цячы па маляўнічым рэчышчы, прымушаюць журчаць і плёскацца, як малады гарэзлівы ручай. Гэтае месца ў народзе так і завецца - Шум.
А "на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай" прытаілася ў траве крыніца - сціплая па памерах, але вельмі своеасаблівая. Калі глядзець зверху, яна нагадвае крыж, ніжні і самы даўгі канец якога - ручай, які ўпадае ў Проню. А тры астатнія канцы ўтворанныя трыма маленькімі крынічкамі. У адзін з іх нехта дадумаўся ўткнуць кавалак шыферу, каб па ім, як па жолабу, сцякала вада. Але ж так рабіць ні ў якім выпадку нельга! Бо ў шыферы ўтрымліваецца асбест, шкодны для здароўя, ды і знешні выгляд крыніцы псуе такое "упрыгожванне".
Адразу вымяраем узровень нітратнага забруджвання ў кожнай крынічцы. У той, што з шыфярынай, - 25 мг/л, у суседняй - 50 мг/л, піць ужо рызыкоўна. А вось трэцяя, які б'е справа, калі стаяць спінай да рэчкі, самая чыстая - тэст-палоска наогул нічога не паказвае. А вось людзі-небаракі, як мы даведаліся потым, пераважна бяруць ваду з самай "нітратнай" з трох крыніц - і дарэмна. Самая чыстая з іх якраз самая непрыкметная, яна занесена пяском. Мы яе крыху чысцім, пашыраем, а калі вада набягае ўжо без пяску - з асалодай п'ем. М-м-м… Якая сцюдзёная, смачная вадзічка - ажно зубы заходзяцца, а прыемны халадок даходзіць да самога нутра. Дзякуй, крынічка! "Расплочваемся" за ваду музыкай: імправізацыя блок-флейце ў падарунак гэтаму чароўнаму месцу.
Мы здымаем абутак, каб прагуляцца па ручаі, але амаль адразу ж выскокваем: холад апякае скуру, прабірае да касцей. Затое як асвяжае! Дарэчы, крынічка нам патрапілася з характарам: людзі спрабавалі яе ўтаймаваць, заключыць у драўляны зруб, але яна, свавольніца, не падпарадкавалася - збегла з палону і наноў прабілася каля зруба. Адзін з жыхароў Высокага пракаментаваў гэта так: "Збягае наша крынічка, бо свабоду любіць!"
Ад старэнькай бабулькі, якая жыве ў найбліжэйшай ад крыніцы хаце, даведваемся мала чаго. Асвячаць крыніцу зараз быццам бы не прынята, хіба што калісьці даўно так рабілі. Людзі калі-некалі прыходзяць сюды па ваду, а ці чысцяць крыніцу, бабуля дакладна не ведае. Але, відаць па ўсім, нехта гэтае месца даглядае.
Самае ж сумнае, што вяскоўцы - мы іх сустракаем па вяртанні ў вёску - часцей карыстаюцца калонкамі. Нам "пашчасціла" напаткаць адну з іх. Відовішча не для слабанервовых: калонка ўся пакрытая ці то брудам, ці то ржавым налётам і стаіць пасярод вялізнай зялёнай лужыны. Мярзоцце! Але ж нават пры нас з яе бралі ваду - сюды хадзіць бліжэй, чым да крыніцы (да берага ж ракі ажно хвілін 5 хады!). Вось так: праз сваю ляноту людзі гатовыя піць што заўгодна, нават калі пад носам чысцюткая крынічная вада. Вось так цэнім сваё здароўе і падарункі прыроды. Мо, таму і збягае ад людзей крынічка-невялічка?
Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 6) - Вандроўка 1-я. Петухоўка (крыніцы Байкава): вада ўсе грахі змывае"