Вандроўка 1-я. Петухоўка (крыніцы Байкава): вада ўсе грахі змывае
Самая знакамітая і шануемая крыніца Чавускага раёна, безумоўна, Байкаўская. Дакладней, гэта цэлы каскад крыніц, мясцовы помнік прыроды - з 1994 г. тут уведзены ахоўны рэжым. У гэтыя мясціны мы і накіраваліся пасля вескі Высокае, зазірнуўшы перад тым у бліжэйшую да Байкава вёску Петухоўку Антонаўскага сельсавета.
Дарога ад Высокага да Петухоўкі далёка не ідэальная, асабліва ўчастак ад вясковых могілак да самой вёскі. Калі ідуць дажджы, дарога пераўтвараецца ў непралазнае балота. Але нам пашанцавала: летняе сухое і спякотнае надвор'е асушыла ўсе лужыны.
У Петухоўцы нас сустракае стараста вёскі і яе сястра. Яны са шчырым замілаваннем расказваюць нам пра сваю ўлюбёную крыніцу і звязаных з ёю традыцыях, распавядаюць розныя гісторыі пра гэтае месца. Самі яны там бываюць часта, падчас святаў ці проста калі бяруць ваду, чысцяць крыніцы. Тое-сёе мы таксама даведаліся раней з публікацый у прэсе, а таксама ад культработнікаў з раённага метадычнага цэнтра.
Перш, чым адвесці нас на Байкаўскія крыніцы, нам паказваюць мясцовую петухоўскую крынічку. Яна недалёка, але трэба рабіць вялікі крук, бо кароткі шлях даўно зарос. Раней у Петухоўцы, ля самой тутэйшай крынічкі, жыў дыякан, і да яго часта насілі храсціць дзетак, хоцб гэта і было забаронена савецкай уладай. Гэты дыякан часта хадзіў маліцца на вясковую крынічку, а на Тройцу і Узвіжанне (27 верасня) абавязкова наведваў Байкаўскія крыніцы.
Петухоўская крынічка месціцца на беразе Проні і выглядае вельмі сціпла: узята ў бетоннае кальцо, адкуль і набіраюць ваду. Яшчэ адзін ключ б’е побач і аплецены лазою - прыгожая альтэрнатыва зрубу, але ці надзейная? Зрабіў гэтую пляцёнку сёлета ўнук таго самага дыякана, калі апошні раз тут гасцяваў. Нітратаў, як мы пераканаліся, у гэтай вадзе ўсяго каля 15 мг/л - яна чыстая, але з нейкім слабым прысмакам. Шкада, што сюды зараз рэдка ходзяць па ваду…
Шлях ад Петухоўкі да Байкава не дужа далёкі - меней чым за поўгадзіны можна дабрацца пехатою па сцяжынцы, што бяжыць практычна ўздоўж вольналюбівай рэчкі Проні, якая, мудрагеліста выгінаючыся, утварае ў гэтым месцы затокі і старыцы. Толькі вось спярша трэба пераадолець сур’ёзную перашкоду ў выглядзе вельмі пакалечанага падвяснога пешаходнага маста. Калі пешкі па ім яшчэ мажліва прайсці, то з веласіпедам ужо рызыкоўна. Гэта пастаралася ўсё тая ж наравістая прыгажуня Проня, якая падчас ледаходу і вясновай павадкі спрабавала скінуць з сябе грувасткую пабудову. Вяскоўцы як маглі, падрэмантавалі мост, але каб яго цалкам аднавіць, патрэбна тэхніка, якая ёсць толькі ў райцэнтры. Цікава, раённыя службы калі-небудзь яго адрэмантуюць?
Ад маста, як мы ўжо казалі, да Байкава рукой падаць. Крыніцы знаходзяцца ў лесе, на самым яго ўскрайку. Тут поўна ягад і грыбоў, а ўвесну ўсё бела ад кветак. А яшчэ, кажуць, водзіцца шмат жыўнасці, як дробнай, так і буйнейшай. Напрыклад, не так даўно мясцовыя жыхары напаткалі рысь і вялізнага дзіка. Вандроўнікам лепей не сунуцца сюды ў позні час, бо чулі тут скавытанне ваўкоў - ці, мо ваўкалакаў? Бо ўсяго можна чакаць ад гэтага таямнічага месца.
У лагчыну, на дне якой б’е каскад крыніц, ёсць два ўваходы - з боку вёскі, так, як мы йшлі, і з процілеглага. На ўваходах звонку ўсталяваныя альтанкі з лавачкамі і столікамі, але вось кантэйнераў для смецця не бачна. Тое-сёе з рэшткаў нядаўняй, па ўсім відаць, гулянкі, валяецца каля альтанкі. Такая вось "культура", нічога не скажаш…
Спускаемся пад горку, да крыніц. Нам пашчасціла патрапіць у Байкава ў той час, калі тут бязлюдна - так вастрэй можна адчуць дзівосную энергетыку гэтага месца. Сапраўднае царства цішыні і спакою, нават час нібыта бяжыць па-іншаму. Тут няма нічога залішняга, крыніцы захавалі сваё прыроднае хараство. Адна з іх узятая ў драўляны зруб, над якім узведзена пабудова накшталт каплічкі, таксама з дрэва. Ваду можна браць як з самога зруба, так і ніжэй, дзе ён яна струменьчыкам сцякае ў ручай. Абразы і крыжы ўпрыгожаны ручнікамі. Існуе традыцыя старыя ручнікі спальваць тут жа, ля крыніцы. Гэта робіцца дзеля таго, каб яны не патрапілі ў рукі ліхому чалавеку, які можа з іх дапамогай зрабіць шкоду. Абразы з выявай Маці Божай і Ісуса памесцілі яшчэ тады, калі пачалі адпраўляць крыніцу.
А на свята Тройцы з Петухоўкі прыносяць ікону з выявай Святой Тройцы. Менавіта на гэтае свята крыніцы "адпраўляюць", збіраецца шмат людзей з розных вёсак і райцэнтра, прыязджае бацюшка. Праходзяць тут набажэнствы і на іншыя святы: Пятроў дзень, Іллю і інш. Адна з крынічак "адпраўляецца" на Узвіжанне. Так што можна казаць пра развітасць у гэтых мясцінах турызму, дакладне, спецыфічнага яго віду - паломніцкага.
Петухоўцы з пашанай і любоўю ставяцца да крыніц, рэгулярна іх чысцяць, прычым здаўна павялося, што займаюцца гэтым менавіта жанчыны. Каля драўлянага зруба - стол з посудам для вады і пластыкавай ёмістасцю для ахвяраванняў, яна напоўненая дробнымі грашыма і цукеркамі, вяскоўцы прынеслі жывыя кветкі. Але самае галоўнае ўпрыгожванне - чысцюткая вада, якая цячэ ледзьве не адусюль. Лічыцца, што ў гэтым месцы выходзяць на паверхню 7 крынічак. Але мы налічылі іх куды болей - каля 15. Найхутчэй, гэта далёка не ўсё, варта лепей пашукаць Прычым крыніцы даволі моцныя. Напэўна, тут нават магло б утварыцца возера, як на Блакітнай крыніцы пад Слаўгарадам. Байкаўскія крыніцы б’юць наўпрост з-пад зямлі і каранёў дрэваў. Яны збягаюцца ў ручайкі, што зліваюцца ў адзін вялікі звонкі ручай, які ўпадае ў Проню. Ні з чым не параўнальная асалода - хадзіць босым па гэтых ручайках. Спачатку адчуваеш невыносны холад, а потым па ўсім целе разліваецца незвычайная сіла, лёгкасць і бадзёрасць. Здаецца, што гэта не вада, а чыстая энергія струменіць з-пад зямлі. Дарэчы, аналіз яе на нітраты паўсюль паказвае 0 мг/л.
Крыніцы Байкава - вельмі старажытныя. Мясцовыя людзі сцвярджаюць, што крыніцы былі заўжды і іх помняць яшчэ продкі тутэйшых старажылаў. Магчыма, нам пашэнціла знайсці гэтаму матэрыяльнае пацверджанне. Расчышчаючы крынічкі ад глею, мы знайшлі невялікі гліняны аскепак - відавочна, фрагмент гаршчка з шырокім рыльцам, пэўна, вельмі стары. Але ж па ваду з такім посудам не ходзяць. Мо, гэта спадчына старадаўніх часоў, калі крыніцам прыносілі ахвяры якраз у такіх пасудзінах? На жаль, мы не археолагі, таму настойваць на сваім меркаванні не збіраемся.
А між тым, Байкаўскія крыніцы якраз з тых, што ўяўляюць для археолагаў вялікі навуковы інтарэс. Даследваць гэтыя мясціны трэба надта ўважліва і асцярожна. А калі і праводзіць далейшае добраўпарадкаванне, то максімальна беражліва. Настолькі складаная тут, мусібыць, структура глебы (у адным месцы мы нават натрапілі на зыбучыя пяскі) і размяшчэнне крыніц, што парушыць усё гэта вельмі лёгка пры няўмелым, грубым умяшальніцтве.
У народзе ходзяць розныя гісторыі пра гэтае месца. Захавалася легенда пра аднавокага каня, які пасвіўся ля крыніцы і ўпаў туды. Калі жывёліну выцягнулі, яна стала відушчай. Даведаўшыся пра цуд, люд стаў прыходзіць сюды і вылечвацца ад хваробаў. У кнігах па фальклоры пазначаецца, што легенда запісаная ў Горацкім раёне і адносіцца да мястэчка Баева. Аднак петухоўцы лічаць, што легенда звязаная менавіта з Байкаўскімі крыніцамі і перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Назва Байкава пайшла ад наймення хутара, які належыў аднаму заможнаму чалавеку, "баю" Архіпу. Тутэйшы лес здаўна завецца Архіпавым. Расказваюць, што гэты чалавек знішчыў некалі пабудаваную над крыніцай капліцу і паставіў млын. Доўга не выходзіла ў яго паставіць кола: то яно не круцілася, то развальвалася на вачох. Але цуды тагачаснага тэхнічнага прагрэсу адолелі непакорлівую прыроду - млын запрацаваў. Але ж дарэмна Архіп узяўся за гэтую справу, бо неўзабаве сур’ёзна захварэў і злёг. Добрыя людзі раілі Архіпу прыбраць млын з крыніцы, бо інакш будзе цяжка хварэць, пакуль не памрэ. Гаспадар паслухаўся парады: пераадолеў упартасць і сквапнасць, прыбраў млын, ды нават каплічку аднавіў. А потым і зусім з’ехаў у Сібір на заробкі і, здаецца, шчэ болей там разбагацеў.
Пазней у Байкаўскіх крыніц з’явіўся вораг пасур’ёзней – савецкая ўлада. Старажылы прыгадваюць, як у 60-х гадах крыніцы спрабавалі прыкрыць шматтоннымі бетоннымі плітамі, каплічку паламалі, крыжы спалілі. Але да канца сваю чорную справу ваяўнічыя атэісты так і не давялі, бо тутэйшыя жыхары ўзнялі шуміху на ўсё наваколле, і няпрошаныя госці з’ехалі. А крыніцу з-пад пліты вызваляла ўся грамада. Сбьраліся мужыкі з навакольных вёсак, паднялі пліту і ссунулі яе ўбок, вызваліўшы шлях да гаючай вады. А са святатнікамі потым бяда здарылася: яны разбіліся на машыне, ехаўшы па дарозе – літаральна на роўным месцы.
Вось як: святыня нібыта сама сябе абараняе, ды і мясцовы люд за яе стаіць гарою. Як яе не бараніць і не шанаваць, калі вада з тутэйшых крынічак не толькі чыстая ды смачная, а яшчэ і лекавая. Лічыцца, што калі пастаяць у ручаі, то можна вылечыць хворыя ногі. Святую ваду з крынічак бабкі-шаптухі і дагэтуль выкарыстоўваюць для лячэння дзетак ад пераляку. Ды і проста, кажуць, карысна яе піць раніцою нашча ("натощак"). У мінулыя часы, як ацеліцца карова, ёй давалі папіць гэтай вадзічкі і ёю ж акраплялі карову, калі выганялі ў поле. Асвечаныя на крыніцах галінкі алешыны прынята ставіць на сядзібу – ад кратоў, а галінкі дуба і клёна кладуць пад страху – ад навальніцы. Піць крынічную ваду трэба не з бутэлькі ці слоіка, а з конаўкі. Вада, набраная з Байкаўскіх крыніц, можа цэлымі гадамі заставацца чыстай, без паху і асадку, а гаючыя ўласцівасці захоўваюцца цягам года. Вось толькі захоўваць яе трэба правільна: абавязкова ў бутэльцы з цёмнага шкла і ў зацішным месцы. Бабулькі раюць браць ваду менавіта з ручая, дзе змешваецца вада з некалькіх крынічак – такая нібыта валодае большай сілай. Аднак менавіта там зараз ляжаць пафарбаваныя бярвёны, з якіх вылучаюцца ў ваду далёка не карысныя хімічныя рэчывы. Прыбраць бы тыя бярвёны, і тады можна смела ўжываць чысцюткую, гаючую і жывую крынічную ваду.
Ля Байкаўскіх крыніц, здаецца, можна прабыць цэлую вечнасць, нават вяртацца няма асаблівай ахвоты – але трэба. Калі зноўку караскаемся па экстрэмальным мосце, нас ужо чакаюць на беразе петухоўцы. Дакладней, нашую праважатую, якая набрала з сабой цэлую торбу бутэлек з крынічнай вадой. „Цётка Мар’я свянцонай вады прынесла!” – радуюцца ўсе. Разбіраюць бутэлькі, пьюць з іх і мыюцца крынічнай вадою, прыгаворваючы: "Усё грахі змывае! У Расіі такой вады няма!"
Глядзіце працяг - "Крынiцы жыцця (частка 7) - Вандроўка 1-я. Кузьмінічы: жывая пакуль што – вада..."