Вандроўка 2-я. Каменка: "цывілізацыя" губіць святыню
Па дарозе ў аграгарадок Каменка даганяем трактарок малаказборшчыка - ягоная хуткасць не надта адрозніваецца ад нашай "веласіпеднай". Некалькі разоў спрабуем сфоткаць працэс пералівання малака з вядра ў цыстэрну, пакуль кіроўца трактара не вытрымлівае і абурана крычыць: "Нельга здымаць! Гэта сакрэтны аб'ект!". Цікава, мо, тады і крыніцы як аб'екты, што "маюць першараднае стратэгічнае значэнне для забеспячэння экалагічнай бяспекі дзяржавы", таксама фатаграфаваць нельга?
Перасякаем мясцовы стадыён і спускаемся па драўляных прыступачках уніз, дзе за дрэвамі-кустамі хаваецца Пятрова крыніца - гонар вёскі Каменка Благавіцкага сельсавета. Яна, як і Байкаўскія крыніцы, лічыцца святой. "Адпраўляецца" на Дзень святых апосталаў Пятра і Паўла, 12 ліпеня. Бачым крыж з ручніком, каля яго - бетоннае кальцо, дзе збіраецца крынічная вада, якую людзі чэрпаюць вёдрамі. Як падказвае нам тэст-палоска, узровень забруджвання нітратамі не перавышае максімальна дапушчальнага значэння (45 мг/л), але набліжаецца да яго. Каля кальца прабіваецца ключ, дзе нітратаў ужо болей за норму - 50 мг/л. Побач яшчэ адзін ключ, ён струменіць з-пад кучы малаэстэтычнага будаўнічага смецця, і ў ім нітратаў меней - 25 мг/л. Піць тутэйшую ваду мы не рызыкуем: хоць яна і святая, але не зусім чыстая. На вялікі жаль…
Крыніцу зверху абараняе пабудова на слупах, вакол пастаўлены лавы і столік (нехта паспеў яго раструшчыць ушчэнт). Шкада, што зроблена аздабленне крынічкі пераважна з бетону, шыферу і металу, пафарбавана блакітнай фарбай. А калі б усё гэта замяніць на непафарбаванае дрэва, было б куды прыгажэй і экалагічна чысцей.
Неяк складана (ва ўсялякім выпадку, нам) адчуць тут атмасферу святасці, падобную на тую, што пануе на крыніцах у Байкава і Шапярэва. Ад наведвання крынічак у Каменцы застаецца адно шкадаванне, змешанае з прыкрасцю: прыродная святасць крыніц не падкрэсліваецца, а наадварот, нішчыцца рукамі чалавека. Хаця і не зараслі, не згубіліся крынічкі, бо за імі ж даглядаюць, хоць і не зусім правільна. У адрозненне ад памянёных Байкаўскіх крыніц, дзе прыроднае хараство і таямніца засталіся ў амаль не кранутым выглядзе, на Каменскіх (Пятроўскіх) крыніцах надта ўжо ўсё "цывілізавана" - у горшым сэнсе гэтага слова. Нават неахайна. Апроч будаўнічага смецця, заўважаем пад дрэвам яшчэ і пустую пластыкавую бутэльку з-пад піва. Іронія лёсу: менавіта піва «Крыніца»…
А мабыць, дарэмна мы наракаем на недарэчнае ўмяшальніцтва чалавека? Як маглі, так і добраўпарадкавалі крыніцы - грамадою. Матэрыялы (дошкі, фарбу, цэмент) дапамагаў дастаць сельгаскааператыў. У працы ўдзельнічалі вяскоўцы, яны ж і падтрымліваюць тут парадак. Сельсавет таксама дапамагае, чым можа. Святое месца вельмі шануюць, асабліва вернікі. Пра ўсё гэта мы даведаліся ад тутэйшых жанчын, адна з іх працуе паштальёнкай, другая - ужо на пенсіі. Менавіта гэтыя каменскія кабеты і арганізуюць догляд за крыніцай. Іх таксама хвалююць недахопы ў добраўпарадкаванні гэтага месца. Затое ў наступным годзе, магчыма, будуць выдаткаваны грошы на добраўпарадкаванне крыніцы. Мусяць памяняць бетоннае кальцо (ці, мо, драўляны зруб паставяць?), прыбяруць смецце. А калі яшчэ і купель пабудуюць - наогул будзе казка…
Шмат цікавага пачулі мы ад гэтых жанчын, якія вераць у Бога і святасць мясцовай крынічкі. Крыніца была тут спакон веку, пра яе расказвалі яшчэ бацькі мясцовых старажылаў. «Вельмі святая наша крыніца, усё наваколле ходзіць да нас па ваду, нават з Чавусаў прыязджаюць. Крыніца абараняе вёску: ні буры, ні навальніцы нам хоць бы што. Зірніце: колькі наўкола дрэваў вецер паламаў, а нас усялякая непагадзь абыходзіць».
Нашы суразмоўцы не ведаюць, ці рабіліся якія-небудзь аналізы вады, але запэўніваюць: яна чыстая. Гэтая вада нібыта доўга можа захоўвацца ў шкляным посудзе, і не з'явіцца ў ёй ані паху, ані асадку. Апро таго, што гэтую ваду п'юць, шмат дзе яшчэ выкарыстоўваюць тутэйшыя людзі. Некалі святой вадою акраплялі хаты, хлявы і нават свойскую жывёлу. Асаблівую сілу вада набірае па святах, калі яе асвячае айцец Міхаіл з Благавіцкай царквы. Звычайна гэта адбываецца на Вадохрышча, Вялікдзень, і, вядома ж, на дзень Пятра і Паўла. На Вербніцу бацюшка асвячае вярбу, і гэтымі галінкамі трэба біць чалавека, якому жадаеш дабра, і прыгаворваць: "Будзь здаровым, як вада, і багатым, як зямля". Людзі вераць, што гэтая своеасаблівая працэдура вельмі эфектыўная, хоць святар яе і не ўхваляе і лічыць забабонам.
Цікава, што далёка не кожны чалавек дапускаецца да чысткі крыніцы ад пяску і глею. Па традыцыі, гэтым мусіць займацца ўдава, і абавязкова "чыстая", то бок маральных, прыстойных паводзін. Тут, пэўна, варта зрабіць невялікае адступленне. Прыходзіць на памяць паралель з Байкаўскімі крыніцамі, чысціць якія таксама павінны толькі жанчыны і толькі "чыстыя". Чаму так павялося, ніхто не можа нам уцямна растлумачыць - ні ў Каменцы, ні ў Петухоўцы. Хіба што таму, што кабеты заўжды больш сачылі за парадкам, чымся мужчыны. Але ў нас з'явілася і іншая думка. Здаўна, яшчэ з дахрысціянскіх часоў, культ вады быў шчыльна звязаны з ушанаваннем багіні Мокаш (пазней яе функцыі перайшлі да хрысціянскай святой Параскевы-Пятніцы). Менавіта яна была апякункай крыніц і калодзежаў, таксама кахання, шлюбаў, жаночай плоднасці. Сувязь вады, крыніц і вытокаў рэк з жаночымі персанажамі шырока адлюстраваная ў беларускім фальклоры. Увогуле ж, плоднасць, жаночы пачатак і водная стыхія шчыльна знітаваныя і ў іншых народаў. Мо, і да нашых дзён дайшло рэха старадаўняга культу? Адразу адкідаць гэтую версію не варта. Да таго ж, можна заўважыць пэўную сімвалічную сувязь паміж ачышчэннем вады ад бруд і патрабаваннем ад жанчын - выканальніц гэтай адказнай працы - маральнай (фізіялагічнай) "чысціні".
З Каменскай святыняй звязаная цудоўная гісторыя. Аднойчы выдалася незвычайна ранняя вясна, а потым гарачае лета. Пасевы сталі выгараць, а буйны град пабіў увесь ураджай. Людзям пагражаў голад. Яны сабраліся і сталі думаць: у каго ж прасіць дапамогі? І вырашылі звярнуцца да Бога. Нехта прапанаваў паставіць ля мясцовай крыніцы капліцу і асвяціць яе ў гонар святых Пятра і Паўла (якраз набліжалася рэлігійнае свята - Пятро). Вырашылі - і зрабілі. Працавалі старанна – са шчырай верай і надзеяй на Бога. А калі ўсё было гатова, далі зарок шанаваць крыніцу і маліцца на ёй штогод на гэтае свята. Пасля таго сяляне сабралі ўраджай, сяк-так перазімавалі, а ўвесну ацалелымі зярняткамі засеялі поле. І што гэта быў за ўраджай - нарадавацца людзі не маглі! Сапраўды, цудоўны! На Пятра напяклі вяскоўцы з гэтага збожжа хлеб ды адправіліся ў Благавіцкую царкву. Пасля набажэнства пайшлі Хросным ходам са святаром і абразом Божай Маці ў сваю вёску. Каля крыніцы таксама правялі малебен і накрылі шчодры стол, Ікона Божай Маці заставалася ў Каменцы тры дні. Хросны ход прайшоў па ўсіх надзелах, дабраслаўляючы на добры ўраджай. Болей такога моцнага граду ў вёсцы не было, а крыніца і пасюль карыстаецца народнай любоўю і пашанай. Людзі кажуць, што нягледзячы на ўсялякія стыхійныя бедствы. Пакуль не зарасце народная сцежка да крыніцы, голаду не будзе, а зямля будзе даваць плады свае.
Сабраўшыся ўжо пакідаць гасцінную вёску, краем вуха чуем ля крымы гутарку дваіх вяскоўцаў, мужчыны і жанчыны: здаецца, размова ідзе пра тутэйшую крыніцу. Падыходзім бліжэй, распытваем. Жанчына адгаворвае нас браць ваду з Пятровай крыніцы. Маўляў, нядаўна пранеслася пагалоска, што вада ў крыніцы брудная і нібыта ў ёй “знайшлі інфекцыю”. Пасля таго некаторыя мясцовы жыхары піць адтуль баяцца, а нехта нават выліў тую ваду, якую набіраў яшчэ пры асвячэнні на Пятро. Аднак наша нечаканая "інфарматарка" выліваць свой запас крынічнай вады не спяшаецца: хоць з "інфекцыяй", але ж святая - у гаспадарцы прыдасца. Кабета выдае нам па сакрэце карысную параду: каб шпалеры не "трэскаліся", трэба акрыпляць сцены хаты вадой. І абавязкова свянцонай, крынічнай! Інакш не дапаможа. Тэхналогія дзейнічае, бо апрабавана жанчынаю на сабе… Жыхарка Каменкі падказвае, што ваду для піцця можна без пагрозы здароўю браць толькі з аднаго калодзежа - ён такі адзіны чысты на ўсю вёску…
Дарэчы, паралельна мы высветлілі ў гутаркіх вяскоўцаў, скуль узялася ля крыніцы самотная піўная бутэлька. “Толькі адна? Тутака і болей смецця бывае!” Кідаюць што папала на крыніцы ды ламаюць столікі, як выявілася, тутэйшыя падлеткі і моладзь.
Карацей, пра Пятрову крыніцу ў Каменцы мы даведаліся ўсё, што трэба і не трэба…
Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 10) - Вандроўка 2-я. Варварына: маляўнічы куток з чыстай вадой"