Вандроўка 1-я. Загоранка: вада для графа Шарамецьева
Палявая сцежка вядзе нас ад Шапярэва да Загоранкі, таксама невялікай вёсачцы. Па дарозе сустракаем пастуха, які адгаворвае нас ісці да загоранскай крыніцы. Дзеліцца з намі жудаснай таямніцай: быццам бы там, на балотах, русалкі водзяцца. "Як зацягнуць вас усіх у багну!" Маўляў, топяць балотныя чараўніцы не толькі хлопцаў, але і дзяўчат, бо "раўнівыя дужа". Так і не дабіліся мы ад дзядзькі, праўда гэта або жарт. Вырашылі праверыць самі.
"Крынічка ў нас вельмі старажытная і намоленая, мабыць, нават старэйшая за Байкаўскія крыніцы. А вада ў ёй якая чыстая! Наша крыніца здаўна вядомая людзям, ваду з яе самому графу Шарамецьеву вазілі, па шэсць бочак за раз," - паведамляе нам вясковая кабета і распавядае цікавую легенду. У даўнія часы недалёка ад крыніцы стаяла царква. Калі на нашыя землі пайшоў з вайной Напалеон, людзі сабраліся ў храме і пачалі маліцца. У небе явіўся знак - вогненная калясніца, а царква сыйшла пад ваду. Каля крынічкі і зараз балота. Спрабавалі было памераць яго глыбіню, але нават 30-метровая жардзіна да дна не дастала. У цяністым лесе, дзе б'е крыніца, адзіны пятачок цвёрдай глебы - вакол самой крыніцы, а наўкола ўсё забалочана, ступіць няма дзе. Мо, легенда не падманвае?
Сюды і зараз прыходзяць па крынічную ваду людзі, асабліва часта - мясцовыя жыхары. Надта шмат народу тут збіраецца на дзень святога апостала Іаана Багаслова, тады крыніцу і "адпраўляюць". Яе любяць і шануюць вяскоўцы, рэгулярна чысцяць. І нават гатовыя зрабіць усё неабходнае, каб крыніцу абвесцілі помнікам прыроды - яна сапраўды таго вартая. Аднак, як зазначае наша суразмоўца, тут спатрэбіцца грунтоўнае добраўпарадкаванне.
Па драўляных прыступачках спускаемся да крынічкі. Рызыкуючы паўтарыць сумны лёс царквы, што патанула, уважліва аглядаемся. Тут і праўда страшна гразка і багніста, ратуе адно складаная сістэма дошак і кладачак. Але галоўнае - тут пануе незвычайная цішыня, чуваць толькі журчанее вады ў ручаі. І нават паветра нейкае асаблівае. Як і на Данілкавай крыніцы ў Шапярэва, тут нібыта іншы свет. І таксама - утульна, нягледзячы на наўкольную багну. Стаяць лавы, стол, ёсць слоік для вады, над крынічкай узвышаецца крыж. Навідавоку тут струменяць дзве крыніцы, але іх можа быць болей. Адна з іх цурчыць з-пад дрэва, другая ўзятая ў драўляны зруб. Мераем нітраты: 10 і 25 мг/л - піць, здаецца, можна.
Гэтую крынічку можна смела запісваць у помнікі прыроды - такіх маляўнічых і мала кранутых цывілізацыяй мясцін мы сустрэлі на нашым шляху няшмат. І ў той жа час, пэўнае дабраўпарадкаванне не будзе лішнім. Толькі вось рабіць яго трэба як мага асцярожней, па прынцыпе "не нашкодзь", якім, на жаль, далёка не заўсёды кіруюцца пры добраўпарадкаванні крыніц.
Мы развітваемся з Загоранскай крынічкай і рушым далей - у вёску Высокае.
Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 5) - Вандроўка 1-я. Высокае: крынічка-бяглячка"