Вандроўка 1-я: Шапярэва, Загоранка, Высокае, Петухоўка, Байкава, Кузьмінічы
Незважаючы на летнюю спёку, салідныя адлегласці ды няпэўны стан тутэйшых дарог, выбіраемся з самога ранку ў нашу вандроўку па крыніцах Чавускага раёна. Мэта – за дзень аб'ехаць некалькі вёсак Чавушчыны і сабраць усе магчымыя звесткі пра тамтэйшыя крынічкі, пастасавацца з мясцовымі жыхарамі. І заадно – атрымаць асалоду ад цудоўнай прыроды гэтага краю. У якасці сродку перасоўвання выбіраем, вядома ж, веласіпеды, бо гэты экалагічны і вольны від траснпарта якраз дазваляе нетаропка агледзець навакольныя цікавосткі.
Маршрут выбіраем таксама зялёны. Менавіта так: у Чавускім раёне сёлета пачаў дзейнічаць зялёны (экалагічны) турыстычны маршрут пад назовам "Шляхамі радзімічаў". Назву сваю ён атрымаў у памяць пра племя радзімічаў, якія насялялі гэтыя маляўнічыя месцы ў даўнія часіны.
Наша сціплая каманда каманда, што выправілася па крынічную ваду нашых продкаў-радзімічаў, складаецца з трох чалавек: мы - карэспандэнт Чавускай раёнкі "Іскра" Воля Семчанка і эколаг Андрэй Пахоменка, а таксама наш праваднік і кансультант Клаўдзія Іванаўна Кандраценкава – загадчыца сельскай бібліятэкі ў вёсцы Галачэва, што знаходзіцца непедалёк ад пунктаў маршрута. Дарэчы, Андрэй ужо не ўпершыню вандруе па гэтым маршруце. Ён і ягоная жонка Алена распрацоўваюць гэты маршрут у межах праекту "Крынічная вада Магілёўшчыны", падтрыманага ў межах праграмы малых грантаў Прадстаўніцтва некамерцыйнай карпарацыі "ISAR,Inc" (ЗША) і супольнага праекту Еўрапейскага Саюзу (ЕС) і Праграмы развіцця ААН (ПРААН) №00062795 "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". Яны ствараюць умовы дзеля таго, каб падарожжа за крынічнай вадой стала не толькі карысным, але і цікавым. Заінтрыгаваныя расповедамі пры крыніцы, мы выправіліся ў шлях.
Клаўдзія Іванаўна ўзялася суправаджаць нас толькі да першых вёсак Шапярэва і Загоранкі, знаёміць з іх жыхарамі, дапамагаць па драбніцах збіраць успаміны старажылаў – гэтыя ўспаміны проста на вачах знікаюць з разам апусцелымі вёскамі. Але ж захопленая незвычайнай вандроўкай Клаўдзія Іванаўна адолела разам з намі за адзін дзень у сукупнасці 43 км – такі вось марафон пад спякотным жнівеньскім сонцам. За першы дзень паспяваем агледзець крыніцы ў Шапярэва, Загоранцы, Высокім, Петухоўцы, Байкава і Кузьмінічах. Уражанняў, натуральна, цэлыя кіламетры…
Глядзіце працяг - "Крыніцы жыцця (частка 3) - Вандроўка 1-я. Шапярэва: пап'еш - Ільёй Мурамцам станеш!"