"Гуляе вецер, паўзе грыбок". Жыхары Чавус замярзаюць у сваіх кватэрах

Опубликовал Главный редактор, 14.04.2020

«Дом дзіравы, дык яшчэ і ацяпленне зрабілі на хуткую руку», – такімі словамі нас сустракаюць жыхары дому № 3 па вуліцы Транспартнай у Чавусах. Спадзяюцца, што «Белсат» паспрыяе, каб камунальнікі зрабілі капітальны рамонт будынку.

Пакуль падцягваюцца ўсе суседзі, уваходзім у курс справы… Дом нумар 3 па вуліцы Транспартная ў Чавусах месціцца на ўскрайку гораду. У жыхароў склалася ўражанне, што і ставяцца да будынку, як да крайняга, апошняга ў чарзе на рамонт. У кватэрах нізкая тэмпература і вільгаць, таму на сценах грыбок і цвіль. У кватэрах людзі апранаюцца ў некалькі слаёў, мыюцца хутка, а спяць пад зімовымі коўдрамі.

Надзея Кавалёва

Надзея Кавалёва замярзае ва ўласнай кватэры.

Дом 1958 году пабудовы, першапачаткова здаваўся без вады і ацяплення, з прыбіральняю на вуліцы. Людзі ацяплялі свае кватэры пры дапамозе печак-буржуек. Узімку, калі тапіў увесь пад’езд, было цёпла, калі печкі тапіла толькі некалькі кватэраў – па сценах ішоў лёд. Каля 5 гадоў таму, пасля шматлікіх зваротаў жыхароў, сюды нарэшце правялі цэнтралізаванае ацяпленне.

«Каб правесці трубы, разрылі тут усё – дом і пахіснуўся, ад таго часу ў сценах з’явіліся шчыліны. Цяпер у доме гуляе вецер. Як толькі дрэннае надвор’е – усё ідзе ў кватэры. А ацяпленне, якое яны правялі, не працуе. Зрабілі цяп-ляп, ужо сто разоў прыязджалі выпраўляць хібы, але гэта не дапамагае», – перабіваючы адзін аднаго, наракаюць жыхары.

Шчыліны

Праз шчыліны ў кватэры трапляе вільгаць і холад.

«Ленінградка» са старых батаряў

«Тут такое рабілася! У адзін момант нам прывезлі старыя батарэі, знятыя з разбітага гатэлю. І распачалася бойня за гэтыя батарэі, лічылі, колькі каму належыць рэбраў. У мяне трохпакаёвая кватэра: яны паставілі ў залі 5 рэбраў, у спальні 7, у дзіцячым пакоі 4 і ў кухні 3. Варылі, як хацелі. Праз паўгода ўсё гэта пацякло», – кажа жыхарка дому.

Цвіль

Цвіль у кватэры Алесі Дзмітрыевай.

Ацяпленне ў доме правялі ў лютым 2015-га года (жыхары згадваюць, баючыся памыліцца годам). Паколькі «варылі» напрыканцы ацяпляльнага сезону, людзі не адразу заўважылі падвох. Толькі на наступную зіму жыхары цалкам змаглі адчуць, як працуе ацяпляльная сістэма.

«Яны зрабілі нам так званую «Ленінградку». Як яны самі казалі. Адзін увод і адзін вывад з дому. Гэта значыць, ад яе пайшло, да мяне прыйшло, пасля да суседкі дайшло і г.д. Цёпла толькі ў першай кватэры, а далей цяпло губляецца,» – тлумачаць людзі.

Грыбок вярнуўся

Дзякуючы неаднаразовым зваротам, Алеся Дзмітрыева атрымала грошы на пераклейку шпалераў. Але грыбок вярнуўся.

Такім чынам цяплей зрабілася толькі ў першым пад’ездзе. Таццяна Ціханенка здымае кватэру ў праблемным доме каля 4 гадоў. Кошт арэнды – Br 60 рублёў. Яшчэ Br 50 аддае за камунальныя паслугі.

«Здалі мне кватэру ў жудасным стане. Яна доўгі час стаяла пустая. Я за свой кошт рабіла рамонт і праводзіла ваду. Прыходзілі з райвыканкаму з цеплавізарам, свяцілі сцяну і быў бачны ўвесь грыбок. Яго тут вельмі шмат».

Суседка Таццяны распавядае рэальную сітуацыю з жыцця, як анекдот:

«Я ў адную зіму ваявала з «Жылкамгасам», у мяне ў кватэры не было нават 18 градусаў цяпла. Яны да мяне прыязджалі кожныя 3 тыдні. Сказалі, зробяць пераразлік аплаты за ацяпленне. Наездзілі столькі паліва! А вярнулі за ўсю зіму толькі 84 капейкі!»

Аптымістычныя тэрмометры

Батарэі

Батарэі ўсталявалі старыя, якія знялі з гарадскога гатэлю.

У арэндаванай кватэры Надзеі Кавалёвай бачым праблему на ўласныя вочы:

«Вось такія батарэі нам паставілі. Я іх яшчэ нават не фарбавала. Я жыву тут ужо шосты год. Пашанцавала, што гэтая зіма была анамальна цёплай, а ў мінулыя зімы мы ад холаду ў пятлю лезлі».

Пры засяленні ў кватэру Надзея ведала пра ейны стан – пра цвіль на сценах і адсутнасць дзвярэй. Але не ведала, як складана будзе змагацца за годныя ўмовы жыцця. Тады ў пад’едзе былі жылымі толькі 2 кватэры, кожная са сваёй печкай. Яны не маглі ацяпліць увесь пад’езд, таму на сценах дому намярзаў лёд. Кватэру Надзея рамантавала за ўласныя грошы, хоць гэта і было амаль непад’ёмна. Жанчына зарабляе Br 350 на месяц і гадуе 8-гадовае дзіця.

«Абслугоўваць гэтае жытло вельмі дорага. Дзіця спіць у калготах і швэдры, каб раніцай адразу падняцца і пайсці ў школу. Прадстаўнікі «Жылкамгасу» прыязджаюць рабіць замер тэмпературы не ўвечары ці ўначы, а ў ясныя дні, калі пакой ацяпляе сонца. І паказнікі заўсёды адрозніваюцца: на нашых тэрмометрах – 14 градусаў, а на іхных – 16-17», – кажа Надзея.

17 градусаў

17 градусаў на тэрмометры ў кватэрах у красавіку. 

У Алесі Дзмітрыевай трое дзяцей. Яе сям’я жыве ў першым пад’ездзе. Алеся больш за астатніх звярталася ў розныя службы па дапамогу. Магчыма таму толькі ейную кватэру затынкавалі звонку. І выдаткавалі грошы на рамонт: шпалеры, клей, працу.

«Антысептыкі я ўжо сама набывала. Мы ўсё апрацавалі, пераклеілі шпалеры. Грыбок усё роўна вярнуўся. Перад Новым годам-2020 у залі вугал быў вельмі страшны, пачалі здымаць шпалеры, а там усе сцены чорныя. Мы зноўку апрацавалі, але сітуацыя паўтараецца», – уздыхае Алеся.

Каналізацыя і мухі

Транспартная 3

Вул. Транспартная 3 у Чавусах знаходзіцца на ўскрайку.

Пасля цэнтралізаванага ацяплення ў дом правялі і каналізацыю. Таксама з неспадзяванкаю:

«4-5 км гналі лінію адсмоктвання. На колькі хапіла грошай. А калі адкрылі люк, то аказалася, што няма помпы. Папросту няма! У нейкім калгасе нешта пацякло, туды нашу помпу адкінулі, а нам пакінулі абяцанні», – скардзяцца жыхары дому.

Людзі скардзяцца, што каналізацыя цячэ, пра што даводзіцца ўвесь час паведамляць. З надыходам вясны дадаецца яшчэ адно. Шчыліны ў доме прапускаюць не толькі холад і вільгаць, а яшчэ і мух. Яны лезуць у кватэры, пакуль яшчэ малыя, задамаўляюцца і гадуюцца па кутах. Пра ўвесь камплект праблемаў людзі заяўляюць даўно, гучна і ва ўсе адказныя ведамствы ды службы. Райвыканкам і «Жылкамгас» іх чуюць і спраўна даюць абяцанні ўсё выправіць. Але заўжды знаходзіцца праблема важнейшая, чым на Транспартнай 3.

«Мы ўжо дакладна былі ў плане на капітальны рамонт у 2020-ым годзе. Ппайшлі ў райвыканкам высвятляць, калі канкрэтна будуць праводзіцца працы, і дазналіся, што нас пераставілі на 2022 год. Ведаеце чаму? Бо ў горадзе ёсць дом, на капрамонт якога пойдзе менш грошай, чымся на наш!», – апісваюць сітуацыю жыхары.

Адказ

Райвыканкам тлумачыць, чаму капітальнага рамонту дома ў 2020 годзе не будзе.

Гэтак з 16 кватэраў, заселенымі застаюцца толькі 11. Праз невыносныя жыллёвыя ўмовы некаторыя з’ехалі, так і не дачакаўшыся капітальнага рамонту.

Вольга Васільева